МНЕМАНІ́ЧНАЯ СХЕ́МА, мнемасхема,
сукупнасць сігнальных прыстасаванняў і ўмоўных відарысаў абсталявання і ўнутр. сувязей аб’екта, якія ў выглядзе схемы размяшчаюцца на дыспетчарскіх пультах ці спец. панэлях. Наглядна паказвае структуру аб’екта, стан (становішча) яго часткі элементаў, ход вытв. працэсу, дазваляе кантраляваць рэжымы аб’ектаў і працэсаў і кіраваць імі. Выкарыстоўваецца на прамысл. прадпрыемствах (устаноўках), у энергет. сістэмах, на чыг. станцыях і інш., а таксама на тэхн. выстаўках і ў навуч. мэтах.
Сігнальнымі прыстасаваннямі на М.с. служаць пераважна візуальныя індыкатары, абсталяванне і ўнутр. сувязі аб’екта паказваюцца з дапамогай сімвалаў Адрозніваюць М.с. мімічныя (з выкарыстаннем фарбаў, каляровых плітак і інш.), светлавыя і камбінаваныя. Дзеянне найб. пашыраных светлавых М.с. заснавана на электралюмінесцэнцыі, нізкавольтнай катодалюмінесцэнцыі і электрааптычных эфектах у вадкіх крышталях. Інфармацыя аб стане аб’екта паказваецца зменай колернасці або яркасці свячэння элементаў М.с., перамяшчэннем светлавога зайчыка, зменай канфігурацыі ці памераў светлавой плямы і г.д.
т. 10, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)